26.11.2025

БДАМЛМ у сумесным з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры выставачным праекце «Вясна ў восень”

25 лістапада 2025 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.А.Макаранка прыняла ўдзел у адкрыцці сумеснай з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Аршанскім музеем У.С.Караткевіча, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выставы «Вясна ў восень», прысвечанай 95-годдзю пісьменніка У.С.Караткевіча.

 

Экспазіцыя займае дзве залы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і раскрывае творчы свет пісьменніка, яго жыццёвы і мастацкі шлях праз зварот да казачнай прозы, а таксама прадстаўляе яго выяўленчую спадчыну.

Наведвальнікі пабачаць багатую калекцыю фотаздымкаў, кнігі аўтара, афішы спектакляў паводле яго твораў, ліставанне, уласныя малюнкі Караткевіча, а таксама ілюстрацыі да яго твораў беларускіх мастакоў – Пятра Драчова, Юрыя Зайцава, Валерыя Славука і іншых.

Сярод асабістых рэчаў пісьменніка на выставе можна пабачыць пазнавальныя прадметы яго адзення, партфель, гадзіннік, аксэсуары для палення, кубак, якім ён карыстаўся падчас апошняй вандроўкі ў 1984 годзе, шматлікія сувеніры, у тым ліку фігуркі чорцікаў з яго знакамітай калекцыі.

Дапаўняюць шэраг экспанатаў скульптурныя выявы Уладзіміра Караткевіча аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Выстава будзе цікава шырокаму колу наведвальнікаў: школьнікам, студэнтам філалагічных факультэтаў, педагогам і прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, даследчыкам і аматарам беларускай літаратуры. Выстава будзе працаваць да 1 сакавіка 2026 года.