13 лютага 2026 года у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся круглы стол, прысвечаны 120-годдзю беларускага археографа Мікалая Мікалаевіча Улашчыка. М.М.Улашчык быў вучоным шырокага профілю – гісторыкам, бібліёграфам, культуролагам, краязнаўцам, аднак праца з архівамі, пошук беларускіх архіўных матэрыялаў заўсёды заставаліся яго прыярытэтам. У круглым стале прынялі ўдзел вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Д.С.Самахвалаў, вучоныя-крыніцызнаўцы М.Ф.Шумейка, В.Ф.Голубеў, А.Л.Кіштымаў, бібліёграф Т.І.Жук, мастак-графік М.М.Купава.
Перад прысутнымі з прывітальнай прамовай выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макарэнка. Т.І.Жук расказала пра калекцыю дакументаў М.М.Улашчыка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Цяпер гэтая калекцыя з’яўляецца асноўнай. Д.С.Самахвалаў прадставіў дакументы, якія захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ, звязаныя з М.М.Улашчыкам. Важную частку з іх складаюць эпісталярныя крыніцы. Крыніцазнаўцы М.Ф.Шумейка, В.Ф.Голубеў, А.Л.Кіштымаў нагадалі аб супрацоўніцтве М.М.Улашчыка з іншымі беларускімі вучонымі, дзеячамі літаратуры і мастацтва. Асаблівую ўвагу прыцягнула выступленне М.М.Купавы, які быў асабіста знаёмы з юбілярам, рабіў для яго экслібрыс.
Мерапрыемствы, звязаныя з памяццю М.М.Улашчыка, будуць мець месца ў БДАМЛМ на працягу ўсяго года. Самым значным павінны стаць навуковыя архіўныя чытанні, прысвечаныя памяці М.М.Улашчыка, восенню 2026 года.

