15 чэрвеня 2026 года ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся вечар памяці, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кінааператара, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Алега Ціханавіча Аўдзеева (1926-2025). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі БДАМЛМ, Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства архівістаў”, Беларускі саюз кінематаграфістаў і аддзел экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Спадчына майстра, які скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі пад кіраўніцтвам А.Гальперына і Э.Тысэ і аддаў амаль сорак гадоў працы на кінастудыі «Беларусьфільм», уключае такія знакавыя карціны, як «Дзяўчынка шукае бацьку», «Крыніцы», «Ваўчыная зграя», «Дачка камандзіра» і «Раман імператара».
З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка. Мадэратарам сустрэчы выступіла загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства А.А.Карпілава. Яна прэзентавала знакавую кнігу “100 гадоў беларускага кіно: этапы, фільмы, майстры”, а таксама прааналізавала творчы шлях Алега Ціханавіча Аўдзеева, падкрэсліўшы маштабнае значэнне яго працы і неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнага кінематографа.
Вядучы архівіст БДАМЛМ Т.А.Анпілогава прадставіла гасцям тэматычную выставу архіўных дакументаў, прымеркаваную да векавога юбілею майстра.
У рамках мерапрыемства сваімі ўспамінамі пра Алега Ціханавіча Аўдзеева падзяліліся дацэнт кафедры кінатэлеаператарства і гукарэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў П.В.Крывастаненка, член Прэзідыума Беларускага саюза кінематаграфістаў В.А.Сцяпанава, а таксама сын кінааператара – кінакрытык і сузаснавальнік Музея гісторыі беларускага кіно І.А.Аўдзееў. Ён распавёў аб жывапісных карцінах бацькі, якія былі прадстаўлены на мерапрыемстве. Як аказалася, жывапіс з’яўляўся адным з яркіх напрамкаў творчай працы Алега Ціханавіча, а ключавой тэмай яго палотнаў стала гісторыя чыгункі.
Творчую атмасферу сустрэчы дапоўніў паказ дакументальнага фільма А.Ц.Аўдзеева “На Оке” і біяграфічнай стужкі “В движении”.

