Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.А.Макаранка прыняла ўдзел у прэзентацыі кнігі Д.Кашавар і А.Радзікевіч “Жаночае аблічча Перамогі”, арганізаванай Выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” у кінатэатры “Масква”.
Гэтае выданне – даніна павагі і памяці жанчынам, якія нароўні з мужчынамі набліжалі Вялікую Перамогу, праяўлялі стойкасць, мужнасць і міласэрнасць.
Адкрыў сустрэчу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь В.П.Доўнар. З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнуўся дырэктар выдавецтва В.Я.Навагродскі, які адзначыў глыбокі патрыятычны і гістарычны пасыл новага выдавецкага праекта.
Прэзентацыя аб’яднала чытачоў, прадстаўнікоў сферы культуры і сродкаў масавай інфармацыі. Кнігу прадставілі аўтары – Дзмітрый Кашавар і Анастасія Радзікевіч.
У межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя дзіцячых карцін да Года беларускай жанчыны. Гэта экспазіцыя была створана па кнізе Эліны Сапожнікавай “Я смогу это сделать! Вдохновляющие истории белорусских женщин” і прысвечана дасягненням нашых суайчынніц. Мерапрыемства завяршыў кінапаказ мастацкага фільма “У жніўні 44-га” рэжысёра Міхаіла Пташука.

