У чытальнай зале БДАМЛМ быў арганізаваны паказ дакументальнага фільма «Дзень незалежнасці: хроніка беларускай дзяржаўнасці», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. Карціна створана аўтарскім калектывам пад агульным кіраўніцтвам дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінава.
У фільме знайшлі адлюстраванне гераічныя і трагічныя вехі гісторыі беларускага народа на працягу ХХ-пачатку ХХІ стагоддзяў: падзеі Першай сусветнай вайны, будаўніцтва новага жыцця ў 20-30-я гады ХХ ст., уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у адзінай дзяржаве, барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, цяжкія гады пасляваеннага аднаўлення рэспублікі, разгортванне прамысловага будаўніцтва ў 1960-1970-я.
Значнае месца ў карціне нададзена працэсам станаўлення і ўмацавання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Асаблівы акцэнт аўтары зрабілі на паказе месца і ролі першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў фарміраванні незалежнай беларускай дзяржавы.
Правядзенне падобных кіналекторыяў спрыяе глыбокаму асэнсаванню гістарычнага шляху нашай краіны. Архіўныя кінавідэадакументы служаць надзейнай асновай для фарміравання грамадзянскай пазіцыі і патрыятычнага выхавання будучых спецыялістаў.

