У экспазіцыю ўвайшло каля 30 жывапісных работ майстра, створаных у перыяд 1960–1980-х гадоў. Творы прадстаўлены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, калекцыі Беларускага саюза мастакоў, а таксама з асабістага збору сям'і аўтара. Жанравы дыяпазон экспазіцыі шырокі і ахоплівае краявіды, партрэты і сюжэтна-тэматычныя карціны. Найбольш шырока на выставе прадстаўлены пейзажы, напісаныя майстрам у позні перыяд яго творчасці, калі ён адкрыў для сябе дзіўную прыроду Жыткавіцкага Палесся.
Паколькі праект задумваўся як дэманстрацыя творчай пераемнасці, на выставе таксама прадстаўлены творы сына мастака Барыса Сямілетава і ўнука Івана. БДАМЛМ шчыльна супрацоўнічае з Іванам Сямілетавым. Так, у лютым 2026 г. ён удзельнічаў ў адкрыцці літаратурна-дакументальнай выставы “Крыніца натхнення – жыццё народа”, прысвечанай 105-годдзю яго другога знакамітага дзеда – народнага пісьменніка Івана Мележа.
Сёння работы мастакоў Сямілетавых з іх вядомым індывідуальным почыркам адзначаны прафесійнымі ўзнагародамі і вядомы далёка за межамі краіны. Вытокам жа гэтай яркай дынастыі стаў Аляксандр Фёдаравіч. Яго асоба і майстэрства далі сям'і той самы галоўны імпульс, які вызначыў іх агульны жыццёвы і творчы шлях.
Выстаўка працягнецца да 18 жніўня 2026 года ў галоўным корпусе, пераходнай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея (вул. Леніна, 20)

