14.07.2026

БДАМЛМ наведаў майстэрню мастака Аляксея Антонавіча Марачкіна

13 ліпеня 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва наведалі майстэрню мастака Аляксея Антонавіча Марачкіна і правялі перамовы аб перадачы яго дакументаў у архіў-музей.

Аляксей Антонавіч нарадзіўся 30 сакавіка 1940 года ў вёсцы Папоўшчына Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне жывапісу). Яго педагогамі былі мастакі Іван Ахрэмчык і Натан Воранаў. З 1977 года – сябра Беларускага саюза мастакоў. У 1992 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў галіне нацыянальнага адраджэння. Аўтар партрэтаў Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Цёткі і інш. Яго працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Дырэкцыі выстаў Міністэрства культуры, у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, музеях Віцебска, Гродна, Магілёва, Чэрыкава, у Музеі нонкарфармізма і  музеі “Zimmerli Art” (ЗША), прыватных калекцыях.