01.09.2026

Дзень ведаў у БДАМЛМ

1 верасня 2026 года ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь стартаваў новы 2026/2027 навучальны год. Урачыстыя лінейкі па ўсёй краіне былі прысвечаны святу – Дню ведаў.

 

Сімвалічным працягам праграмы першага навучальнага дня стала наведванне Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) навучэнцамі 7 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 127 г.Мінска”.

Загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Вера Валянцінаўна Біруля правяла для школьнікаў займальную экскурсію і пазнаёміла гасцей з асноўнымі напрамкамі дзейнасці і сучаснымі функцыямі ўстановы.

 Юныя госці змаглі не толькі дакрануцца да багатай культурнай спадчыны, але і пагрузіцца ў атмасферу старадаўняй архітэктуры будынка былога касцёла бернардзінцаў, дзе месціцца архіў-музей. Школьнікам распавялі, што ў БДАМЛМ захоўваюцца дакументы па гісторыі айчыннай літаратуры, тэатра, музыкі, кіно і выяўленчага мастацтва. Пры гэтым каля паловы фондаў складаюць архівы пісьменнікаў і паэтаў Беларусі: калекцыі дакументаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, сям’і Багдановічаў, фонды Янкі Маўра, Цішкі Гартнага, Івана Мележа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі і многіх іншых.

У чытальнай зале архіва экскурсанты азнаёміліся з тэматычнай банэрнай выставай, прымеркаванай да 65-годдзя БДАМЛМ. Біруля В.В. звярнула ўвагу навучэнцаў на працу ўстановы па зборы дакументаў, якая актыўна працягваецца і сёння, фарміруючы трывалы падмурак для будучых даследаванняў.

Наведванне БДАМЛМ стала для вучняў яркім наглядным увасабленнем тэмы першага школьнага ўрока “Веды сёння – сіла і росквіт Беларусі заўтра!”, падарыўшы масу станоўчых эмоцый, незабыўных уражанняў і новых ведаў аб культурным багацці Беларусі. Работнікі архіва-музея павіншавалі навучэнцаў і педагогаў, пажадаўшы ім творчых поспехаў і высокіх дасягненняў у наступным навучальным годзе і падарылі ім каштоўны падарунак кнігу “Адкрываючы новы свет. Іван Фёдараў. Францыск Скарына”, выдадзеную ў рамках праекта “Бібліятэка Саюзнай дзяржавы”.

У гэты дзень работнікі БДАМЛМ пабывалі і на ўрачыстай лінейцы ў ДУА “СШ №4 г.Мінска”, з якім архіў-музей звязвае пагадненне аб супрацоўніцтве.