16.09.2026

БДАМЛМ прыняў удзел у “Марафоне працаўладкавання студэнцкай моладзі” на гістарычным факультэце БДУ

16 верасня 2026 года на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася маштабная прафарыентацыйная пляцоўка ў рамках рэспубліканскай акцыі “Марафон працаўладкавання студэнцкай моладзі”, у працы якой прыняла ўдзел дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Алена Аляксандраўна Макаранка.

Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю гісторыка-архіўнай адукацыі, садзейнічанне занятасці выпускнікоў і прыцягненне кваліфікаваных маладых спецыялістаў у сацыяльна-гуманітарную сферу.

У сваім выступленні перад студэнтамі гістарычнага факультэта кіраўнік архіва-музея асвяціла пытанні сучасных кадравых патрэб архіўнай галіны, спецыфіку навукова-даследчай і фондавай работы ў спецыялізаваным архіве, а таксама шматгадовы вопыт плённага ўзаемадзеяння БДАМЛМ з Беларускім дзяржаўным універсітэтам як вядучай кузняй кадраў для архіўных устаноў краіны. Асаблівы акцэнт быў зроблены на перспектывах прафесійнага росту маладых спецыялістаў, магчымасцях праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі, а таксама першых кроках у навукова-публікацыйнай дзейнасці.

У рамках мерапрыемства на пляцоўцы гістарычнага факультэта работнікамі БДАМЛМ была прадстаўлена банэрная выстава, прымеркаваная да 65-годдзя БДАМЛМ. Экспазіцыя наглядна пазнаёміла будучых гісторыкаў і архівістаў з ключавымі напрамкамі дзейнасці архіва-музея, складам яго ўнікальных фондаў, выдадзенымі зборнікамі дакументаў і навукова-папулярнымі праектамі ўстановы. Для студэнтаў таксама быў падрыхтаваны спецыяльны раздатачны матэрыял – сувенірныя закладкі і календары, якія змяшчаюць інфармацыю аб фондах БДАМЛМ.

Удзел у марафоне дазволіў студэнтам напрамую пагутарыць з патэнцыйным працадаўцам, атрымаць адказы на актуальныя пытанні працаўладкавання.

Галерэя малюнкаў