У Міёрах пазнаёміліся з набярэжнай і паўвостравам горада і наведалі велічны Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, узведзены ў стылі неаготыкі ў 1907 годзе.
Прыемным і яркім сюрпрызам для архівістаў стала тое, што горад у гэты дзень жыў атмасферай знакамітага штогадовага экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Калектыў БДАМЛМ здолеў акунуцца ў самы гушчар падзей, ацаніць каларыт тэматычных вясковых падворкаў і інтэрактыўных пляцовак, атрымаць асалоду ад выступленняў творчых калектываў і прадэгуставаць знакаміты мясцовы журавінавы морс ды традыцыйныя прысмакі са свежасабраных ягад.
Прыгожым працягам паездкі стала наведванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня» – найбуйнейшага верхавога балота ў Беларусі, узрост якога налічвае каля 9 тысяч гадоў. Прагулка па спецыяльна абсталяванай драўлянай экалагічнай сцежцы дазволіла калектыву БДАМЛМ на свае вочы ўбачыць бязмежныя прасторы старажытнага балота, ацаніць шчодрыя россыпы журавін і адчуць звонкую цішыню першазданнай прыроды, якая стагоддзямі натхняла беларускіх пісьменнікаў, паэтаў і мастакоў.
Паездка падаравала супрацоўнікам архіва-музея масу яркіх эмоцый, падпітала энергіяй і пакінула пасля сябе шмат прыгожых памятных фатаграфій.

