Каб ушанаваць памяць народнай артысткі БССР, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Беларускі дзяржаўны архіў–музей літаратуры і мастацтва арганізуюць выставу пад назвай “Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна”. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 25 верасня ў 15:00 у Каміннай зале Купалаўскага тэатра. Створаная экспазіцыя – выдатная магчымасць убачыць за архіўнымі матэрыяламі сапраўднае аблічча сваёй эпохі: шматгранную, таленавітую, моцную духам беларускую жанчыну з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і гарачым сэрцам. Сярод экспанатаў можна будзе ўбачыць вялікую колькасць унікальных матэрыялаў, звязаных з асабістым жыццём і рознымі перыядамі творчасці Ірыны Фларыянаўны — унікальныя фотаздымкі, афіцыйныя дакументы, успаміны яе сучаснікаў і калег па сцэне, артыкулы з газет мінулага стагоддзя і г.д.
Экспазіцыя “Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна” будзе размешчана ў Каміннай зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з 25 верасня да 25 кастрычніка.

