У іх знакамітасці выступаюць найперш як сыны і дочкі сваіх бацькоў, а таксама як клапатлівыя маці і бацькі для сваіх дзяцей. У Тыдзень бацькоўскай любові архівісты з асаблівым пачуццём цеплыні і пяшчоты пераглядаюць фотаздымкі, лісты, машынапісы, мастацкія творы і іншыя дакументы з фондаў архіва-музея, якія адкрываюць творчых людзей з кранальнага боку – матчынага і бацькоўскага.
“Паслаў бы табе душу…” – ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай Акулінай (1954-1971) – шчымлівае чытво, якое цяпер захоўваецца ў БДАМЛМ у выглядзе шматлікіх арыгінальных лістоў, а таксама ў кнізе, якую сам Рыгор Іванавіч падпісаў “літаратурнаму архіву – з пашанай!” у 2009 годзе. Каштоўнасць гэтых дакументаў – у глыбіннай плыні пачуццяў маці і сына, выказанай у словах – простых і такіх важных для кожнага чалавека. “Посьле мене нихто тибе так не пажалееть, нихто па тибе так не пазаботица. Хоть я тибе папаю малачком… Гатова я сто пудов на сваих плечах несьци, толька б табе легче была” – кожнае слова Маці гучыць у лістах як песня любові да сына. Адзін з лістоў Акуліны Андрэеўны (чэрвень 1956 г.) складзены трохкутнікам, як у вайну, на адвароце напісана: “Сыну”. Сын Рыгор, як часта падпісваўся у лістах да маці Барадулін, прысвяціў ёй не адну кнігу вершаў, у якіх прачытваецца матчына дабраславенне і святое для кожнага чалавека трохзор’е – Маці. Мова. Малітва.
Фотаздымкі з фонду акцёрскай сям’і Уладамірскіх на адваротах захоўваюць бацькоўскія допісы, зробленыя ў 1952 годзе Уладзімірам Іосіфавічам з любоўю да сына Барыса: “Родной мой Борюша. Через день тебе 29 лет, мой дорогой, любимый, а для меня ты всё такой же мальчик-сыночек. Я часто говорю про Сашеньку, называю Боренькой…” Бацькаву і дзедаву любоў высвятляюць і тыя подпісы на фотаздымках, якія Уладамірскі-старэйшы робіць ад імя свайго маленькага ўнука Сашы – сына Барыса, які несправядліва (часова) застаўся без бацькі: “Дорогой мой Папуся! Тут мы с дедушкой вышли встречать коров…”, “Папуся! Я поймал индюшку, а дедуля и бабуля помогают мне её удержать…”
Выдатным дакументам, які захаваў мілату штодзённых зносін ў сям’і Стэфаніі Станюты, з’яўляецца адрыўны каляндар, які вядомая актрыса выкарыстоўвала як нататнік. Так мы можам даведацца не толькі пра традыцыйнае адкрыццё сезона 1982-83 гг. знакамітай “Паўлінкай” (запіс рукой Сэфаніі, 10 верасня, пятніца), але і тое, што “маме быть в Доме искусств – день театра, вручение диплома за “Верочку” и денежной премии” (запіс рукой сына Аляксандра, 29 сакавіка, панядзелак). Частыя запісы “ночевала у Шуры”, “у Шуры – готовили обед”, “за пенсией, упл. за кварт, к Саше”, “на рынок, к Саше” падкрэсліваюць цеплыню і роднасную блізкасць маці Стэфаніі і сына Аляксандра. Рукою актрысы пазначана таксама важная дата, звязаная з яе бацькам: “100 лет со дня рожд. Папы – Михаила Петр. Станюты. Вечер в Д/искусс. 19.30” (29 студзеня, пятніца). Пра клапатлівую бабулю Стэфанію сведчаць запісы: “Димку беспокоил живот”, “отдать Диме: грибы, полкурицы, булочки, печенье, апельсины”.
Ліставанне пісьменнікаў Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча захавала шчырыя словы сяброўскага, братняга спачування ў час страты Караткевічам бацькі: “…Не памятаю, як я плакаў па сваім бацьку – мне тады не было яшчэ і сямі год, – але каплічку, у якой улетку 1948 года адпявалі маю маці, не забуду ніяк… Трымайся! Цісну руку. Я.Брыль. 04.10.1959”.
Углядаючыся ў архіўныя фотаздымкі, заўважаем, што дзеячы культуры часта вазілі сваіх сяброў на радзіму, у бацькоўскія хаты. Пад знакамітым “бацькавым вязам” Барадуліна пабывала нямала пісьменнікаў, мастакоў, даследчыкаў, журналістаў. Сам Рыгор Іванавіч, натхнёны сяброўскай вандроўкай 17 снежня 1966 года (з В.Рагойшам, У.Караткевічам, Г.Бураўкіным, Я.Семяжонам і інш.) у в. Пількаўшчына, да бацькоў М.Танка, напісаў верш-экспромт, які Уладзімір Караткевіч занатаваў на адвароце памятнага здымка:
Ледзь толькі раскрыў я вочы –
Змахнуў шаблонаў труху…
І смела ў класіку крочу.
У Танкавым кажуху
Натхнёныя праявамі цеплыні і бацькоўскай любові, якія адлюстраваны ў фондавых дакументах, архівісты шчыра віншуюць сваіх калег, сяброў і наведвальнікаў чытальнай залы з Днём Маці і Днём бацькі, жадаюць правесці Тыдзень бацькоўскай любові з роднымі людзьмі, у бацькоўскім доме, на радзіме.

