15.10.2026

Удзел БДАМЛМ у прэзентацыі кнігі заслужанага дзеяча культуры Беларусі М.П.Пазнякова “Мілая мама… Малітва сына”

14 кастрычніка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел у прэзентацыі кнігі празаіка, публіцыста і лінгвіста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Пазнякова “Мілая мама. Малітва сына”, падрыхтаваная работнікамі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы і Мінскім гарадскім тэатрам паэзіі “Ад сэрца да сэрца”. Падзея традыцыйна прымеркавана да святкавання Дня маці.

 

Новая кніга Міхаіла Пазнякова “Мілая мама. Малітва сына» – гэта глыбока асабісты, паэтычны і лірычны зборнік, цалкам прысвечаны вобразу маці і сыноўняй падзякі. Для паэта вобраз маці – гэта “жыццёвая зорка”, арыенцір і крыніца духоўнага багацця. Кніга напоўнена светлым сумам і ўспамінамі аб самым дарагім чалавеку, чый вобраз і напеўны голас застаюцца ў сэрцы назаўжды. Па сваёй танальнасці вершы з гэтага зборніка нагадваюць ціхую і шчырую малітву, якая знаходзіць водгук у кожнага чытача.

Важнай падзеяй вечара стала сустрэча дырэктара БДАМЛМ падчас мерапрыемства з вядомым беларускім музыкантам і кампазітарам, народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком. Падчас цёплай творчай размовы былі дасягнуты папярэднія дамоўленасці аб будучай перадачы асабістых дакументаў і матэрыялаў маэстра на пастаяннае захаванне ў фонды архіва-музея.