19 снежня 2025 года ў 17.00. у Дзіцячай музычнай школt мастацтваў № 2 імя М.І.Аладава г. Мінска адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы і музычнай адукацыі Мікалая Ільіча Аладава, на якім Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прэзентуе выставу “Маэстра беларускай музыкі”.
Таленавіты кампазітар, грамадскі дзеяч, дырыжор, педагог Мікалай Аладаў адыграў значную ролю ў развіцці нацыянальнай музычнай культуры. Пачынаючы з 1924 г. яго жыццё і творчасць непарыўна звязана з Беларуссю. Ён з’яўляецца аўтарам першых ў беларускай музыцы драматычных і лірыка-псіхалагічных сімфоній. Музычная спадчына кампазітара налічвае больш за 500 твораў у розных жанрах: яму належаць оперы “Тарас на Парнасе” і “Андрэй Касценя”, араторыя, кантаты, 10 сімфоній, камерна-інструментальныя і вакальныя цыклы. М.І.Аладаў займаўся мастацкай апрацоўкай беларускіх народных песень, зборам вакальнага фальклору.
За амаль паўстагоддзя педагагічнай працы ў Белмузтэхнікуме і кансерваторыі М.І.Аладаў падрыхтаваў цэлую плеяду вядомых кампазітараў, музыказнаўцаў, музыкантаў, сярод якіх У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Н.Сакалоўскі, С.Нісневіч, Дз.Жураўлёў, І.Жыновіч, А.Русак і інш.
У экспазыцыі выставы “Маэстра беларускай музыкі” прадстаўлены архіўныя матэрыялы з фонду кампазітара і фондаў вядомых дзеячаў культуры. Гэта рукапісы, нотныя выданні, лісты, службовыя дакументы і біяграфічныя матэрыялы, успаміны і фотаздымкі. Усе гэтыя дакументы сведчаць аб неацэнным укладзе М.І.Аладава ў скарбонку беларускай музыкі.
Гасцей чакае святочны канцэрт у выкананні таленавітых навучэнцаў і выкладчыкаў музычнай школы.
ДУА “Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 2 імя М.І.Аладава г. Мінска»
Адрас: вул. Ангарская, 88
Даведкі па тэлефоне: 242 51 88

