І.П.Шамякін быў адным з найбольш паспяховых савецкіх пісьменнікаў, чые творы публікаваліся на розных мовах мільённымі тыражамі. Разам з гэтым, ён аказваў прамое ўздзеянне на інтэлектуальнае і грамадскае жыццё БССР. З 1954 г. І.П.Шамякін шмат гадоў працаваў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, быў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, альманаха «Савецкая Айчына», галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», дэпутатам і старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, прадстаўніком нашай краіны ў ААН.
У 1969 г. І.П.Шамякін упершыню перадаў частку сваіх дакументаў «агульнай колькасцю 100 кг» на захаванне ў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (у нашы дні - Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, або БДАМЛМ). Да 1996 г. ён гэта рабіў яшчэ некалькі разоў. У выніку склаўся фонд 154, які налічвае некалькі сотняў дакументаў і з'яўляецца адным з найбуйнейшых асабістых фондаў Беларусі. Фонд пісьменніка ўражвае наяўнасцю вялікай колькасці варыянтаў арыгінальных твораў. Дакументы, звязаныя з І.П.Шамякіным, таксама захоўваюцца ў іншых фондах БДАМЛМ.
Дакументальная спадчына І.П.Шамякіна - сведчанне яго жыццёвага і творчага шляху, акно ў свет мінулага. Дзякуючы ёй сучаснікі маюць магчымасць самастойнай аб'ектыўнай ацэнкі постаці пісьменніка, яго светапогляду і ўнёску ў культуру Беларусі. А яшчэ яны - выдатная крыніца для даследчыкаў, гісторыкаў і літаратуразнаўцаў.
Д.С. Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ

