Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1906—1986) — выдатны беларускі даследчык мінуўшчыны. Падобна іншым выбітным асобам свайго пакалення, ён уяўляў сабою сапраўднага палімата, носьбіта разнастайных ведаў. Мікалай Мікалаевіч з'яўляўся прафесійным гісторыкам, археографам, бібліёграфам, крыніцазнаўцам, краязнаўцам, мемуарыстам, перакладчыкам і г. д. Ён аднолькава плённа працаваў з тэкстамі старажытных летапісаў, дакументамі XIX і XX стагоддзяў, літаратурнымі творамі, увёў у беларускую гістарыяграфію жанр эга-гісторыі.
М.М.Улашчык нарадзіўся ў вёсцы Віцкаўшчына ў 22 км ад Мінска. У 1924—1929 гг. навучаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, адначасова працаваў у Цэнтральным архіве, кніжнай палаце, збіраў этнаграфічныя крыніцы. У 1930 г. падчас службы ў арміі быў арыштаваны па сфальсіфікаванай справе Саюза вызвалення Беларусі і прыгавораны да высылкі. Пасля гэтага, ён арыштоўваўся ў 1932, 1941 і 1950 гадах. У 1935 г. яму было афіцыйна забаронена вяртацца ў БССР.
Пасля канчатковага вызвалення ў сакавіку 1955 г. пераехаў у Маскву, дзе працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук СССР. Мікалай Мікалаевіч падтрымліваў шчыльныя зносіны з беларускімі літаратарамі і навукоўцамі, неаднойчы наведваў радзіму, хаця пераехаць на сталае жыхарства так і не здолеў.
Большая частка дакументальнай спадчыны М.М.Улашчыка, што трапіла на Беларусь, захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва існуе асобная калекцыя дакументаў даследчыка ў складзе фонда 55 "Збор дакументаў дзеячоў літаратуры". Яна ўключае ўсяго 4 дакументы. Значна большую цікавасць уяўляюць дакументы, што захоўваюцца ў асабістых фондаў іншых літаратараў і навукоўцаў, што кантактавалі з М.М.Улашчыкам падчас яго жыцця. Каштоўная частка гэтых дакументаў — эпісталярная спадчына вучонага, у асноўным — лісты, радзей — кароткія паштоўкі і запіскі. Яна адначасова адлюстроўвае прыватныя ўзаемаадносіны, успаміны, творчы абмен навінамі, думкамі і ідэямі, разгляд дыскусійных пытанняў. Напрыклад, перапіска М.М.Улашчыка з гісторыкам-аматарам М.І.Ермаловічам пачалася з падрабязнага абмеркавання арыгінальнай тэорыі апошняга пра паходжанне Вялікага княства Літоўскага, і, хаця М.М.Улашчык выявіў аб'ектыўную крытычнасць, паступова іх ліставанне набыло сяброўскі тон. Розныя падрабязныя звесткі ўтрымоўваюцца ў лістах вучонага да беларускага пісьменніка С.П.Шушкевіча.
Некаторыя з дакументаў М.М.Улашчыка з фондаў архіва-музея ўжо апублікаваны, іншыя чакаюць сваіх даследчыкаў і публікатараў. Яны павінны зацікавіць не толькі археографаў і біёграфаў, але і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай нашай краіны.

