25 сакавіка 2026 года ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі абітурыенты — удзельнікі праекта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Студэнт на тыдзень».
Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Вера Валянцінаўна Біруля і вядучы навуковы супрацоўнік Дзмітрый Сяргеевіч Самахвалаў правялі для гасцей азнаямленчую экскурсію. Будучыя студэнты наведалі кожны аддзел архіва-музея і пазнаёміліся з яго працай. Гэта дазволіла ім убачыць поўны цыкл жыцця архіўнага дакумента.
Падчас знаёмства з працай аддзела архіваў арганізацый і фарміравання НАФ, а таксама аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання, удзельнікі праекта даведаліся пра крыніцы камплектавання архіва і тонкасці апрацоўкі творчых рукапісаў і лістоў славутых дзеячаў культуры. Загадчыкі і вядучыя архівісты аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў, аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій, а таксама аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў раскрылі асаблівасці сваёй дзейнасці: ад стварэння асаблівых умоў для захавання дакументаў да лічбавання і арганізацыі архіўных выстаў, прэзентацый, навуковых канферэнцый і публікацый.
Непасрэдная сустрэча з прафесіяналамі дапамагла абітурыентам усвядоміць важнасць прафесіі архівіста ў захаванні нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны і ацаніць перспектывы сваёй будучай прафесійнай рэалізацыі.

