На выставе прадстаўлены архіўныя дакументы, якія сведчаць пра жыццёвы і творчы шлях Івана Паўлавіча, распавядаюць аб яго сяброўскіх стасунках, раскрываюць асаблівасці пісьменніцкай работы над вядомымі творамі, паказваюць інтэрпрэтацыю мележаўскіх вобразаў ў тэатры і кіно.
“Глінішчанскі Іван з Мележаўскай пароды стаў беларускім пісьменнікам…13/ІІІ-49”, - шчырыя словы гонару за сына чытаем ў лісце Паўла Фёдаравіча Мележа, бацькі Івана Мележа. Палессе і яго жыхары сталі крыніцай натхнення пісьменніка, а палесская трылогія пачынаецца красамоўным прысвячэннем: “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”.
608 спраў, якія захаваліся ў асабістым фондзе пісьменніка, утрымліваюць рукапісы твораў І.П.Мележа, яго дзённікавыя запісы, шматлікія артыкулы і выступленні, успаміны і пераклады, ліставанне, дысертацыю, асабістыя дакументы і выяўленчыя матэрыялы.

