Віртуальная выстава «Майстэрства натхнёнае, узнёслае»: да 100-годдзя Юрыя Уладзіміравіча Семянякі

Віртуальная выстава «Майстэрства натхнёнае, узнёслае» прысвечана  100-годдзю з дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Семянякі (1925 – 1990) – выбітнага беларускага кампазітара, народнага артыста БССР. Яго імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю нацыянальнай музычнай культуры, а творчасць стала неад’емнай часткай духоўнай спадчыны Беларусі.

 

Дакументы з асабістага архіва Ю.У.Семянякі паступалі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) у 1978, 1981, 1986 гг. ад самога кампазітара і ў 1992 г. ад яго ўдавы Ліліі Іларыёнаўны Семянякі. У выніку навукова-тэхнічнай апрацоўкі было сфарміравана 198 спраў.

Юрый Семяняка нарадзіўся 26 лістапада 1925 г. у Мінску. Яго бацька  Уладзімір Іванавіч і маці Яўгенія Пятроўна былі родам з-пад Беластока. Бацька працаваў фотакарэспандэнтам у газеце, маці – сакратаром-машыністкай. У сям’і панавала музычная атмасфера, Уладзімір Іванавіч граў на фартэпіана, гітары і мандаліне. З ранняга дзяцінства Юрый праяўляў музычныя здольнасці: вучыўся ў музычнай школе ў Феадосіі, затым – у Беластоцкім музычным вучылішчы. Яго юнацтва было перапынена вайной. Выпускныя экзамены супалі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Перажыўшы акупацыю, голад і цяжкасці, ён добраахвотна ўступіў у армію ў 1944 г., прайшоў баявы шлях ад Польшчы да Берліна. Успаміны пра вайну назаўсёды засталіся ў яго сэрцы і знайшлі адлюстраванне ў творчасці. У інтэрв’ю «Сельскай газеце» у 1980 г. кампазітар узгадваў, як, прачытаўшы верш Пятруся Броўкі «Заўсёды ў сэрцы тое лета», зноў перажыў момант вяртання на Радзіму – салдаты, якія ступалі на беларускую зямлю пад Брэстам, прыпадалі да яе, не саромеючыся слёз. Пад гэтым уражаннем была напісана музыка на словы Броўкі.

У архіве-музеі захоўваецца рукапіс паэмы-рэквіема «Хатынскія званы» – сапраўднага музычнага помніка ахвярам вайны і сімвала стойкасці беларускага народа.

Пасля дэмабілізацыі Семяняка выкладаў музыку ў горадзе Іванава (Расія), затым у 1947 г. пераехаў у Гродна, працаваў канцэртмайстрам Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы (Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы). Пасля пераезду калектыву ў Мінск, адначасова працягваў працу канцэртмайстрам і з 1952-1957 гг. вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі ў прафесара Анатоля Багатырова.

З 1957 г. – член Саюза кампазітараў БССР, пазней – намеснік старшыні, а ў 1978-1980 гадах – старшыня праўлення. У фондзе Саюза кампазітараў захоўваюцца аўтабіяграфія, характарыстыкі, спісы твораў, водгукі і дакументы, якія адлюстроўваюць творчую і грамадскую дзейнасць Ю.У.Семянякі.

Усё жыццё Юрыя Семянякі было прысвечана служэнню музычнаму мастацтву. У архіве-музеі шырока прадстаўлены творчыя дакументы кампазітара: нотныя рукапісы яго твораў, афішы спектакляў, фотаздымкі, лісты і віншавальныя тэлеграмы ад калег і сяброў і іншыя цікавыя дакументы.

Яго оперы «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1969) (на лібрэта А.Бачылы), «Новая зямля» (на лібрэта А.Петрашкевіча) (1978) сталі важнымі падзеямі ў гісторыі беларускай музычнай драматургіі. «Зорка Венера», створаная па матывах твораў Максіма Багадановіча, была пастаўлена ў Вялікім тэатры оперы і балета БССР у Мінску ў 1970 годзе, а потым у 1973 годзе ў Вялікім тэатры оперы і балета СССР у Маскве. У фондах БДАМЛМ захоўваюцца шматлікія рэцэнзіі на гэтыя пастаноўкі, у якіх падкрэсліваецца значнасць звароту аўтараў да нацыянальнай тэмы.

Семяняка адыграў выключную ролю ў станаўленні Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. У архіве прадстаўлены аўтарскія варыянты аперэт «Паўлінка» (1972), «Тыдзень вечнага кахання» (1975), дзіцячай аперэты «Сцяпан – вялікі пан» (1976), якія былі пастаўлены на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. На адваротным баку прэм’ернай афішы «Сцяпан – вялікі пан» –  жартоўныя вершы ад удзельнікаў спектакля, прысвечаныя Юрыю Уладзіміравічу:

«І наш Сцяпан – вялікі пан,
Не ведае спакою,
Адзінаю сцяжынкаю,
Жыццё ходзіць з табою!»

Ю.Семяняка працаваў у самых розных жанрах: вакальна-інструментальным, аркестровым, камерным, харавым. Ён ствараў кантаты, сімфоніі, уверцюры, канцэртныя арыі, трыа, вакальныя дуэты. Значнае месца займала музыка да кінафільмаў, радыёспектакляў, тэлепастановак.

Асаблівую славу кампазітару прынесла песенная творчасць. Ён стварыў больш за 300 песень, пераважна на словы беларускіх паэтаў, сярод якіх асабліва папулярныя «Беларусь – мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Явар і каліна» і інш. У фондах БДАМЛМ захоўваюцца рукапісы песень для хору з фартэпіяна («Наш кірмаш», «Сустрэча пакаленняў», «Дума пра Коласа» і інш.), дзіцячага хору («Песня дружбы», «Школьная падарожная», «Апошні школьны вальс» і інш.), сольныя творы («Ты мне песню праспявала», «Пэўна ты па песню паляцела», «Вечар васенні імгліцца» і інш.).

Кампазітар актыўна падтрымліваў самадзейнае мастацтва, удзельнічаў у журы конкурсаў і фестываляў, выступаў па радыё і тэлебачанні, сустракаўся з навучэнцамі, працоўнымі, жыхарамі вёсак. У архіве захоўваюцца праграмы канцэртаў, падзячныя лісты, ганаровыя граматы – сведчанні яго шырокай грамадскай дзейнасці.

За ўклад у развіццё беларускай культуры Юрый Семяняка быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1955), ордэнам Леніна (1971), удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1964) і народнага артыста БССР (1974).

Віртуальная выстава «Майстэрства натхнёнае, узнёслае». Да 100-годдзя з дня нараджэння Юрыя Уладзіміравіча Семянякі (1925 – 1990) - беларускага кампазітара, народнага артыста БССР.