Дакументы Р.Пукста былі перададзены ў БДАМЛМ удавой кампазітара Наталлей Міхайлаўнай Пукст-Латышавай пасля смерці Рыгора Канстанцінавіча ў 1960 г. і ў 1962 г. прайшлі навуковую апрацоўку. Гэта нотныя рукапісы, матэрыялы да біяграфіі, запісныя кніжкі, фотаздымкі, лісты да Р.Пукста.
Рыгор Канстанцінавіч Пукст нарадзіўся 27 лістапада 1900 г. ў Гомелі ў сям’і чыгуначніка. Скончыўшы тэхнічнае вучылішча, спачатку працаваў слесарам у паравозным дэпо, а потым машыністам, аб чым гаворыцца ў пасведчанні, выдадзеным 16 верасня 1920 г. Гомельскім участкам службы цягі і рухомага саставу. Музыку Рыгор Пукст палюбіў яшчэ ў дзяцінстве, быў удзельнікам харавога гуртка і аркестра народных інструментаў клуба гомельскіх чыгуначнікаў, самастойна авалодаў элементарнымі музычнымі ведамі і неўзабаве стаў кіраўніком самадзейных музычных гурткоў. У 1921 г. Р.Пукста прызначаюць на пасаду інструктара палітпрасвету прафсаюза работнікаў Заходняй чыгункі. Гэтую працу ён сумяшчаў з выкладаннем спеваў у школах Гомеля. Згодна пасведчанню Гомельскага ўчастковага камітэта прафсаюза чыгуначнікаў ад 27 жніўня 1923 г. Рыгор Канстанцінавіч стварыў музычны гурток, якім кіраваў з ліпеня 1922 г. па верасень 1923 г. У гэтым дакуменце адзначаны выключныя арганізатарскія здольнасці Пукста.
Самастойна падрыхтаваўшыся да экзаменаў, Рыгор Канстанцінавіч паступае ў 1923 г. у Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю, якую заканчвае ў 1928 г. (тэарэтычныя дысцыпліны праходзіў у прафесара Г.Канюса). Да гэтага часу Р.Пукст быў аўтарам некалькіх інструментальных п’ес, песень, цыкла рамансаў на словы І.Буніна, А.Блока, Я.Купалы, апрацовак беларускіх народных песень. Пасля заканчэння кансерваторыі Пукст каля трох гадоў выкладае музычна-тэарэтычныя прадметы ў Омскім музычным тэхнікуме, а ў 1932 г. вяртаецца ў родны Гомель, дзе сумяшчае педагагічную працу ў музычным тэхнікуме з актыўнай творчай дзейнасцю.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны кампазітар становіцца ўдзельнікам франтавой канцэртнай брыгады Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а праз некаторы час згодна даведцы Белдзяржфілармоніі ў сувязі з заканчэннем дзейнасці брыгады атрымлівае накіраванне ў Свярдлоўск. Потым ён прызначаецца ў Каменск-Уральскі на пасаду музычнага кіраўніка клуба будаўнікоў. З 1943 г. Р.Пукст – кіраўнік музычнага аддзела Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР у Маскве, а па вяртанні ў вызвалены ад гітлераўскай акупацыі Мінск – выкладчык Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, музычнай школы і вучылішча. З 1952 г. Р.Пукст працаваў хормайстрам, а потым мастацкім кіраўніком музычнага вяшчання Беларускага радыё. У 1955 г. Рыгору Канстанцінавічу Пуксту прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР. Будучы членам Саюза кампазітараў з 1932 г., ён неаднаразова абіраўся членам праўлення Саюза кампазітараў Беларусі і быў яго старшынёй. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і двума медалямі СССР.
Музычная спадчына кампазітара налічвае вялікую колькасць твораў самых разнастайных жанраў. Сярод іх: оперы “Машэка” (лібрэта К.Пуроўскага, 1946), “Марынка” (першая беларуская опера для дзяцей, лібрэта Э.Агняцвет, 1955), “Свіцязянка” (лібрэта К.Цітова, 1960); 6 сімфоній (№1 – 1933, №2 – 1939-1943гг., №3 – 1949, №4 – 1951, №5 – 1957, №6 – 1959); кантата “А хто там ідзе?” (1958); першая (1930) і другая сюіты на тэмы беларускіх народных песень (1937, другая рэдакцыя – 1948); фантазія на тэму беларускай народнай песні “Перапёлачка” (1947); раманс “Любы мой, прыйдзі”, песня “Шумныя бярозы” і інш. Ён апрацоўваў беларускія народныя песні, творы самадзейных кампазітараў, быў аўтарам музыкі да фільмаў (“Рассвет” і інш.), спектакляў (“Дзяўчаты нашай краіны”, “Любоў Яравая”, “З народам”, “Дзед і жораў”), а таксама значнай колькасці папулярных вакальных твораў і апрацовак беларускіх народных песень для хора. У сваіх творах Р.Пукст тонка перадаваў паэтычнае хараство беларускай прыроды, перажыванні і думкі герояў. Яго творы сталі неад’емнай часткай айчыннай музычнай спадчыны.
Подпісы дакументаў для віртуальнай выставы “Музычная спадчына Рыгора Пукста: погляд праз архіўныя дакументы”
1. Пасведчанне Гомельскага участка службы цягі і рухомага саставу, выдадзенае
Р.Пуксту аб праве самастойнага кіравання паравозам і працы ў якасці машыніста ад 16 верасня 1920 г.
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 143. Л. 2.

2. Пасведчанне Гомельскага участковага камітэта прафсаюза чыгуначнікаў ад 27 жніўня 1923 г., выдадзенае Р.Пуксту аб арганізацыі і кіраванні музычным гуртком у 1922-1923 гг.
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 143. Л. 3.

3. Р.Пукст сярод выпускнікоў Маскоўскай кансерваторыі. 1928.
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 207. Л. 1.

4. Даведка аб працы Р.Пукста ў якасці настаўніка спеваў у Гомельскай школе імя Свярдлова ў 1928-1929 гг. ад 15 жніўня 1929 г.
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 143. Л. 6.

5. Даведка Омскага дзяржаўнага музычнага тэхнікума ад 2 мая 1932 г.
аб тэрміну працы Р.Пукста ў якасці выкладчыка
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 143. Л. 9.

6. Р.Пукст сярод выпускнікоў 4 курса класа скрыпкі Гомельскай музычнай школы. [1935-1936]
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 208. Л. 1.

7. Р.Пукст сярод выспускнікоў класа фартэпіяна Гомельскага музычнага тэхнікума. [1937-1939]
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 209. Л. 1.

8. Р.Пукст сярод кампазітараў Беларусі. [1937-1939]
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 209. Л. 2.

9. Даведка беларускай дзяржаўнай філармоніі ад 15 жніўня 1941 г. аб працы
Р.Пукста ў канцэртнай франтавой брыгадзе і накіраванні яго у г.Свярдлоўск
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 143. Л. 13.

10. Н.Сакалоўскі, Я.Цікоцкі, Р.Пукст. [1940-я гг.]
Ф. 474. Воп. 1. Спр. 41. Л. 2.

11. Р.Пукст “Любы мой, прыйдзі” (на словы М.Машары). Аўтограф. 1943.
Ф. 105. Воп. 2 Спр. 18, Л. 2адв.

12. Р.Пукст. “Родная зямля”. Песня на словы П.Броўкі для голасу з ф-п. Аўтограф.
Ф. 11 Воп. 1. Спр. 8. Лл. 1адв, 2

13. Беларускія кампазітары Р.Пукст, Я.Цікоцкі, Р.Шырма, П.Падкавыраў, М.Аладаў, У.Алоўнікаў на Чырвонай плошчы ў Маскве. [1950-я гг.]
Ф. 10. Воп. 1. Спр. 210. Л.1.

