Яго шлях у літаратуру пачаўся ў 1922 годзе з фельетона «Жылі-былі» і першага верша «Сваты». Раннія зборнікі сатыры – «Асцё», «Крапіва», «Біблія» – паказалі свету аўтара, здольнага праз гумар выкрываць заганы грамадства. Неўзабаве Крапіва зарэкамендаваў сябе і як таленавіты празаік (раман «Мядзведзічы»), і як выбітны драматург. П’есы «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі», «Брама неўміручасці» ўвайшлі ў «залаты фонд» беларускага тэатра і прынеслі аўтару дзяржаўнае прызнанне і любоў гледачоў.
Дзейнасць Кандрата Кандратавіча не абмяжоўвалася мастацкай творчасцю. Велізарны ўклад ён зрабіў у беларускае мовазнаўства, рэдагуючы фундаментальныя слоўнікі, у тым ліку пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы». Яго праца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР стала прыкладам адданага служэння грамадству.
Нягледзячы на тое, што асабісты фонд пісьменніка ў архіве-музеі не захоўваецца, постаць Кандрата Крапівы яскрава прадстаўлена праз прызму яго атачэння.
Віртуальная выстава знаёміць з дакументамі з фондаў вядомых сучаснікаў пісьменніка – літаратараў, тэтральных дзеячаў, знакамітых мастакоў. На ёй можна ўбачыць аўтарскія рукапісы вершаў, лісты да малодшага сына, унікальныя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць герояў Крапівы на сцэне, шаржы і партрэты працы знакамітых мастакоў.
Гэтыя матэрыялы дазваляюць па-новаму ўбачыць асобу класіка – не толькі як афіцыйнага дзеяча, але і як калегу, сябра і настаўніка, чый аўтарытэт быў бясспрэчным для цэлага пакалення творчай інтэлігенцыі.

