Другая сусветная вайна стала той гістарычнай падзеяй, што заставіла незагоеную рану на сэрцы ўсяго беларускага народа. Кожны ўдзельнік вайны мог бы выказаць гэта па-свойму. Голасам сацыяльнай памяці нашага грамадства сталі творчыя асобы, у тым ліку тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у ваенных падзеях, ваяваў у партызанскіх атрадах або на фронце, наведваў перадавую. Іх галасы - не проста сведчанне часу, але і адлюстраванне думак і пачуццяў пакаленняў, што прайшлі праз ваенныя выпрабаванні. Яны дазваляюць зразумець, чым была вайна для людзей той пары, настроі на розных этапах ваенных падзей, а таксама тое, як памяць пра ваенныя гады ўздзейнічала на людзей у будучым.
Першым сведкам з'яўляецца заходнебеларускі паэт Міхась Васілёк (1905 – 1960). Для яго, як і іншых жыхароў Заходняй Беларусі, вайна пачалася 1 верасня 1939 г. Прызваны ў польскае войска, ён трапіў у нямецкі палон, адкуль вярнуўся толькі ў 1941 г. напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Яго вершы з палону адлюстроўваюць жорсткую рэчаіснасць, але ў той жа час - надзею на вяртанне. Фотаздымак з фонда 2 БДАМЛМ дэманструе аблічча 36-гадовага паэта пасля палону. Найбольш эмацыйным сведчаннем пачатку Вяликай Айчыннай паправу з'яўляецца паэма "Сцяг брыгады" Аркадзя Куляшова (1914 – 1978), за якую ў 1946 г. ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Паэма часткова адлюстроўвае рэчаісныя ўражанні А. Куляшова падчас эвакуацыі з Мінска. Сведчанні Мікалая Лобана (1911 – 1984) і Антона Алешкі (1913 – 1971) цікавы тым, што зафіксаваны ў іх франтавых дзённіках, захоўваемых у БДАМЛМ.
Дзеяч кінамастацтва Мікола Садковіч (1907 – 1968) і знакамітая оперная спявачка Ларыса Александроўская (1904 – 1980) не прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях, аднак наведвалі лінію фронта ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў. М.Садковіч трымаў у руках кінакамеру. Л.Александроўская спявала для салдат і партызан. Па словах спявачкі: "Мы ў дні вайны бывалі ўсюду разам". Іх дзейнасць падтрымлівала байцоў і ў той жа час сведчыла пра тое, што культура Беларусі, якая ў 1941 - 1944 гг. знаходзілася пад акупацыяй, працягвала жыць і змагацца. Народныя пісьменнікі Іван Навуменка (1925 – 2006) і Васіль Быкаў (1924 – 2003), паэт і перакладчык Аляксей Зарыцкі (1911 – 1987) набылі сваю творчую папулярнасць ужо ў пасляваенны час, але вопыт іх ваеннай маладосці ў значнай ступені вызначыў іх будучы светапогляд. Памяць пра вайну ў іх творах - гэта ў першую чаргу памяць пра трагедыю, перасцярога для нашчадкаў.
Скульптар Сяргей Селіханаў (1917 – 1976) служыў у Чырвонай Арміі з першых дзён і да самога канца Вялікай Айчыннай. У яго творчасці вайна набыла канкрэтнае чалавечае аблічча. Вядома, што ён маляваў партрэты аднапалчан. У БДАМЛМ захоўваецца партрэт "Салдат у санбаце" (1945 г.). У пасляваенны перыяд тэма вайны стала асноўнай у яго творчасці. С. Селіханаў стаў адным з першых савецкіх скульптараў, хто поруч з героіка-эпічнымі кампазіцыямі, ствараў помнікі трагедыі і смутку. Адзін з яго найбольш значных унёскаў у асэнсаванні разбуральнага подыху вайны для чалавецтва - помнікі ахвярам Хатыні (1968), у тым ліку знакамітая скульптура "Непакораны чалавек".

