Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы віртуальнай выставы, прысвечанай жыццю і творчасці беларускага кампазітара, паэта, педагога і заслужанага дзеяча культуры БССР Аляксандра Канстанцінавіча Шыдлоўскага (1911-2002). Арганізатарам і галоўным стваральнікам экспазіцыі выступіла ўстанова «Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці», якая выказала шчырую ўдзячнасць калектыву архіва-музея за прадастаўленыя ўнікальныя дакументы.
Віртуальная экспазіцыя падрабязна раскрывае шматгранны і драматычны жыццёвы шлях А.К.Шыдлоўскага. На аснове рэдкіх аўтабіяграфічных матэрыялаў выстава расказвае аб няпростым сялянскім дзяцінстве аўтара, эвакуацыі ў Сімбірск у гады Першай сусветнай вайны і яго актыўным удзеле ў падпольным нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі, аб рабоце ў складзе Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На выставе прадстаўлена аўтабіяграфія і асабістыя дакументы Аляксандра Канстанцінавіча, арыгінальныя нотныя рукапісы і тэксты яго вядомых песень, а таксама памятныя фатаграфіі з калегамі-музыкамі і ўдзельнікамі творчых калектываў Гродзеншчыны.
Азнаёміцца з матэрыяламі віртуальнай выставы можна па спасылках:
https://archives.gov.by/wp-content/uploads/files/virt_vyst/shidlovskiy_ak.pdf

