07.05.2025

Удзел БДАМЛМ у паказе дакументальных фільмаў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны

6 мая 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі прэм'ерны паказ дакументальнай дылогіі «Спаленыя вёскі», «Лагеры смерці» рэжысёра Аляксандра Анісімава.  Мерапрыемства, арганізаванае ў рамках святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прайшло ў кінатэатры «Беларусь».

 

У 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументальныя фільмы, прадстаўленыя на кінапаказе, створаны па матэрыялах раследавання з апорай на ўнікальныя архіўныя відэасведчанні выжылых відавочцаў, дакументы і кадры, якія аднаўляюць карціну тых страшных падзей. Тэлефільмы распавядаюць пра злачынствы фашысцкіх акупантаў у канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі Беларусі і пра лёсы спаленых вёсак, якія сталі фактам генацыду беларускага народа.

Карціны раскрываюць жахлівую праўду аб тактыцы «выпаленай зямлі», якая праводзілася нацыстамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі і яе бязлітасных наступствах для мірнага насельніцтва.

Аўтары акцэнтуюць увагу на мужнасці і стойкасці беларускага народа, а таксама на неабходнасці захавання памяці аб трагедыі вайны для будучых пакаленняў.

Прагляд гэтых фільмаў стаў для работнікаў БДАМЛМ яшчэ адным напамінам аб неабходнасці беражлівых адносін да гістарычнай памяці і аб важнасці работы па захаванні і папулярызацыі дакументальных сведчанняў аб Вялікай Айчыннай вайне.