- Главная
- О нас
- Научно-справочный аппарат
- Выставки
- Читальный зал
- Запросы и услуги
- Обращения граждан и юридических лиц
- Электронное обращение

Кніга “Зора Кіпель” – 40-я ў “Бібліятэцы Бацькаўшчыны”. Гэта аповед пра жыццё і дзейнасць амерыканскай беларускі, бібліёграфа, даследчыцы сярэднявечнай літаратуры. Аповед, заснаваны на яе ўласных тэкстах, успамінах пра яе, а таксама на архіве, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэтае выданне – ушанаванне памяці спадарыні Зоры (1927-2003) і вяртанне ў айчынную інтэлектуальную прастору яе да сёння належна не ацэненай літаратуразнаўчай спадчыны.
Кніга "Выбранае" Уладзіміра Самойлы - другая ў падсерыі "Спадчына: агледзіны" серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" - гэта складзены ўпершыню зборнік прац апекуна Янкі Купалы, выдатнага літаратурнага крытыка і філосафа. У выданне ўвайшлі рэцэнзіі на зборнікі Я.Купалы, К.Сваяка, Н.Арсенневай, перыёдыкі і асобныя творы аўтараў 1920-х - 1930-х гг. Таксама ў кнізе можна знайсці філософскія эсе, у тым ліку найбольш важнае "Гэтым пераможаш!", некаторыя лісты Уладзіміра Самойлы, публікацыі, прысвечаныя яго біяграфіі і творчасці, ды інтэрв'ю з сынам дзеяча. Выданне рэпрэзентуе малавядомую сёння, але багатую і разнастайную творчую спадчыну выдатнага беларускага інтэлектуала.
Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду "Бліскавіцы" - унікальнае выданне. Упершыню пад адной вокладкай змешчаны творы 61 беларускай паэткі, створаныя ў “міжваенны” перыяд – з 1918 па 1941 г., што дапамагае стварыць панараму літаратурнага жыцця эпохі. У кнігу ўвайшлі творы і хрэстаматыйныя, і малавядомыя, і нават ніколі не публікаваныя раней. Тут прадстаўлены і паэткі, чыя творчасць даўно ўвайшла ў скарбонку айчыннай літаратуры, і напаўзабытыя, і забытыя зусім літаратаркі, а таксама тыя аўтаркі, чыя прысутнасць у літаратуры мела спарадычны або выпадковы характар і чые творы маюць не эстэтычную, а перадусім гістарычную каштоўнасць і, магчыма, будуць цікавыя гісторыкам, сацыёлагам і даследчыкам гендарнай праблематыкі.
Першая кніга падсерыі "Спадчына: агледзіны" серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" ўяўляе сабою складзены ўпершыню ў гісторыі зборнік выбраных прац грамадскага дзеяча, раднага БНР, публіцыста, архівіста Тамаша Грыба. У выданне ўвайшлі як найбольш значныя і вядомыя публікацыі аўтара, гэтак і тэксты ды ліставанне, што не публікаваліся пры яго жыцці. У кнізе можна таксама прачытаць сведчанні сучаснікаў пра Тамаша Грыба і знайсці яго бібліяграфію. "Выбранае" Тамаша Грыба шырока і разнастайна прадстаўляе інтэлектуальную спадчыну дзеяча, маючы на мэце вяртанне яго даробку ў айчынны філасофскі і гістарычны дыскурсы.
Выданне заснавана на дакументах з асабістага фонду Адама Бабарэкі, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд №407). Фонд складаецца з 356 адзінак захоўвання, якія ўключаюць 1225 дакументаў, і 7 музейных прадметаў, сярод якіх – гальштук, гадзіннік, шахматы, а таксама абрус, якім, паводле сямейнай легенды, накрываўся стол падчас урачыстых пасяджэнняў “Узвышша”.